Перадавыя тэхналогіі
— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў каледжах краіны выбудавана аптымальная сетка цэнтраў кампетэнцый, — на сёння іх 53, па ўсіх напрамках праходзіць падрыхтоўка спецыялістаў як узроўню прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Штогод праводзіцца дааснашчэнне. Толькі сёлета 6 цэнтраў былі мадэрнізаваны, што значна пашырыла магчымасці падрыхтоўкі навучэнцаў, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Як падкрэсліў міністр, каледжам удзяляецца асаблівая ўвага. Прынамсі, сёлета ва ўстановы пастаўлена больш як 70 трактароў для навучання і арганізацыі практычнай дзейнасці.

Цэнтр кампетэнцый па ветэрынарнай медыцыне ўкамплектаваны найноўшым абсталяваннем, тэхнікай і максімальна набліжаны да тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца на малочнатаварных комплексах. У ім размясціліся апараты УГД з мабільнымі версіямі, у тым ліку і для дробных жывёл, анатамічны клас з 3D-праектарамі і інш.

— Унікальнае абсталяванне дапаможа зрабіць падрыхтоўку кадраў перадавой. Акрамя таго, яно стане апорай для павышэння кваліфікацыі педагогаў-практыкаў. Прынцыпова новы крок у падрыхтоўцы спецыялістаў ветэрынарнага профілю будзе спрыяць умацаванню харчовай бяспекі краіны, — заўважыў Андрэй Іванец.

Сучаснае абсталяванне і перадавыя тэхналогіі каледжаў уплываюць на прэстыж аграрных прафесій. У пацвярджэнне кіраўнік галіновага ведамства звярнуў увагу на тое, што сёлета ўсе УВА аграрнага профілю набралі студэнтаў у поўным аб’ёме:
— Аб’ём падрыхтоўкі першакурснікаў у гэтым годзе быў павялічаны больш як на 300. Гэта пацвярджае той факт, што моладзь бачыць, якія ўмовы стварае дзяржава не толькі для навучання, але і для працоўнай дзейнасці. Што тычыцца аграрных каледжаў, то яны вельмі цесна супрацоўнічаюць з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. З 1 курса падлеткі выходзяць спачатку на вучэбную, а потым на вытворчую практыку. Вялікая частка навучэнцаў апошніх курсаў ужо працуе ў гаспадарках. Гэта дазваляе ім без адаптацыі, без перыяду прывыкання перайсці з месца вучобы на першае рабочае месца. Калі ёсць неабходнасць атрымаць вышэйшую адукацыю, выпускнікі каледжаў паступаюць ва УВА на завочную форму без адрыву ад вытворчасці. Работа каледжаў у звязцы з УВА, сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі дазваляе шмат у чым вызначаць кадравую палітыку ў галіне АПК.

Першы ў краіне цэнтр кампетэнцый па ветэрынарнай медыцыне невыпадкова з’явіўся ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Па словах старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксея Кушнарэнкі, для вобласці гэта вельмі пачэсна і лагічна, паколькі тут і самае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў краіне, — 878 тысяч галоў.
Старшыня Мінаблвыканкама заўважыў, што рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням з Міністэрствам адукацыі, якое і распрацавала ўнікальны праект. Закупку сучаснага абсталявання прафінансаваў Беларусбанк.
— З абласнога бюджэту выдзелілі сродкі на выкананне рамонтных работ — і ў выніку атрымалі аб’ект, які абсталяваны перадавымі тэхналогіямі, прыборамі, — падкрэсліў Аляксей Іванавіч. — Я ўпэўнены, цэнтр стане запатрабаваным для ўсёй краіны. Плануецца, што ў бягучым навучальным годзе ў ім будуць займацца 1240 навучэнцаў. Перакананы, што ўмовы, якія тут створаны, і матэрыяльна-тэхнічная база будуць спрыяць уцягванню дзяцей у прафесію і станоўча паўплываюць на вынікі працы ў жывёлагадоўлі.

Цэнтр кампетэнцый па ветэрынарнай медыцыне ўжо скончыў работу ў тэставым рэжыме. Дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Віктар Маслак адзначыў, што ўвесь гэты час цэнтр дааснашчаўся абсталяваннем, а значыць, будзе працаваць на поўную магутнасць:
— У нас закуплена сучаснае абсталяванне, неабходнае для работы ветэрынарным спецыялістам і спецыялістам заатэхнічнага профілю ў сучасных умовах вядзення сельскай гаспадаркі. Акрамя таго, у нас ёсць эндаскапічнае абсталяванне, артапедычны ветэрынарны бокс для абрэзкі капытоў.
Веды пад мікраскопам
У цэнтры кампетэнцый працуе шэраг лабараторый, дзе навучэнцы атрымліваюць важныя практычныя навыкі. Так, у лабараторыі па ветэрынарна-санітарнай хірургіі з унутранымі незаразнымі захворваннямі адпрацоўваюцца тэхнікі па накладанні швоў, заборы крыві, увядзенні ін’екцый і інш.

У лабараторыі тэхнічнага і праграмнага забеспячэння вучацца ацэньваць якасць малака і тое, як яго атрымаць, якія аспекты для гэтага неабходна выконваць.

— У лабараторыі незаразных захворванняў устаноўлены фрагмент акушэрскай дыягностыкі, — прывяла прыклад загадчыца цэнтра кампетэнцый Надзея Бяжок. — Тут вывучаюцца захворванні, якія звязаны з сельскагаспадарчай прадукцыяй. Таксама ў нас ёсць кабінет дыягностыкі, кабінет лабараторных даследаванняў, УГД-кабінет.

Для таго каб праводзіць жывёлам УГД, трэба валодаць бездакорнымі навыкамі дыягностыкі. Гэтая працэдура абсалютна бяспечная. Пастаянным пацыентам навучэнцаў для адпрацоўкі ўменняў УГД стала кошка Мурка, якую 7 гадоў назад знайшлі на вуліцы.

— Кошка стала нашым сімвалам, — дадае Надзея Уладзіміраўна. — Яе вельмі любяць усе навучэнцы і выкладчыкі. Яна зможа ў любы момант, калі гэта спатрэбіцца, атрымаць кваліфікаваную дапамогу.
У цэнтры кампетэнцый арганізаваны два асобныя блокі для анатамічнага ўскрыцця і блок артапедыі, дзе навучэнцы адпрацоўваюць тэхніку апрацоўкі капытоў, каб жывёлам пры хадзьбе было камфортна, а таксама вывучаюць захворванні капытоў.
— Практычнае навучанне пачынаецца з 2 курса, — звярнула ўвагу загадчыца цэнтра. — Але першая азнаямляльная практыка праходзіць на 1 курсе. Мы ездзім на перадавыя прадпрыемствы Міншчыны, таксама ў нас ёсць анлайн-відэасувязь са многімі арганізацыямі. Гэта дазваляе яшчэ глыбей вывучыць многія тэмы, напрыклад, разгледзець фактары ўтрымання, даення, кармлення жывёл і інш.
Источник: ЗАО Редакционно-издательское учреждение «Издательский дом «Педагогическая пресса» (ссылка на статью).


.jpg)
.jpg)
.jpg)








